МАЙДАН - За вільну людину у вільній країні


Архіви Форумів Майдану

Пагадненьне паміж Маладым Фронтам і МХД Літвы

05/14/2008 | Майдан-ІНФОРМ
13 траўня 2008 году у Вільні (Літоўская Рэспубліка) у беларускім цэнтры “Дом правоў чалавека” адбылося ўрачыстае падпісаньне пагадненьня аб супрацоўніцтве і ўзаемападтрымцы паміж Маладым Фронтам і Маладымі Хрысьціянскімі дэмакратамі Літвы.

Ад імя Маладога Фронту пагадненьне падпісаў намесьнік старшыні МФ Артур Фінькевіч, ад імя Маладых Хрысьціянскіх дэмакратаў Літвы Інга Аўгунене.

Сваім пагадненьнем партнэры выказаліся за супольныя акцыі, якія будуць спрыяць развіцьцю дэмакратычнага шляху ў краінах нашага рэгіену. Апроч таго, паводле пагадненьня, Малады Фронт і Маладыя Хрысьціянскія дэмакраты Літвы будуць актыўна супрацьстаяць імпэрскім выпадам з боку Расеі, якая сеньня агрэсіўна прасоўвае ідэі падпісаньня канстытуцыйнага акту Беларусі з Расеяй, які пагражае дзяржаўнаму суверэнітэту нашай краіны і бліжэйшым эўрапейскім суседзям.

Гэтая падзея прыцягнула вялікую ўвагу літоўскіх сродкаў масавай інфармацыі, прадстаўнікі якіх прысутнічалі на ўрачыстым падпісаньні і прэсавай канферэнцыі. З боку літоўскіх журналістаў гучала шмат пытаньняў пра практычныя пэрспэктывы пагадненьня, пра бліжэйшыя сумесныя акцыі, а таксама пра сітуацыю ў Беларусі і пляны Маладога Фронту датычна бліжэйшых палітычных падзеяў.

Таксама на прэсавай канфэрэнцыі прысутнічаў першы сакратар амбасады ЗША ў Беларусі сп.Луіс Крышак, нядаўна аб’яўлены пэрсонай нон-грата ў Беларусі, прадстаўнікі МЗС Чэшскай і Літоўскай Рэспублікі.

Напрыканцы размовы з журналістамі, Артур Фінькевіч заявіў, што Малады Фронт пасьлядоўна выступае за стварэньне Балта-Чарнаморскай супольнасьці правацэнтрысцкіх моладзевых арганізацый, і цягам бліжэйшага часу будзе актыўна развіваць стасункі з міжнароднымі партнэрамі як з гэтага рэгіену, так і ўвогуле з усімі чальцамі “Моладзі Еўрапейскай Народнай партыі”, сталым назіральнікам якой з’яўляецца Малады Фронт.

Пасля прэсавай канферэнцыі Артура Фінькевіча запрасілі на некалькі радыёстанцый, якія зрабілі некалькі інтэрвію пра сітуацыю у Беларусі і пра бліжэйшыя пляны Маладога Фронту.

Датычна бліжэйшых палітычных плянаў Маладога Фронту Артур Фінькевіч заявіў, што незалежна ад пазіцыі іншых палітычных суб’ектаў Беларусі, Малады Фронт заклікае ўсіх неабыякавых грамадзянаў нашай краіны ў дзень парламэнцкіх выбараў, 28 верасьня, у 20.00 прыйсьці на плошчу Каліноўскага, каб абараніць права свабоднага выбару і выказаць свае стаўленьне да псэўдавыбараў у Беларусі.

Неабходна адзначыць, што раніцай 13 траўня, калі Артур Фінькевіч рухаўся на аўтамабілі з калегамі праз дзяржайную беларуска-літоўскую мяжу (Каменны Лог), беларускія мытнікі паспрабавалі не пусьціць яго праз мяжу, матываваўшы свае імкненьне тым, што ягонае прозьвішча значыцца ў базе часова невыязных з Беларусі. Сітуацыю выратаваў адзін з кіраўнікоў памежнага пераходу, які прыняў асабістае рашэньне прапусьціць Фінькевіча праз мяжу.

Уначы з 13-га на 14-е траўня, калі Артур Фінькевіч з калегамі вяртаўся ў Беларусь, беларускія мытнікі, толькі ўбачыўшы пашпарт Фінькевіча пры пашпартным кантролі, выклікалі ўсіх кіраўнікоў мытнага пункту. Як высьветлілася, на гэты момант ва ўсіх супрацоўнікаў мытні была задача спыніць Фінькевіча, афіцыйна праінфармаваць яго пра тое, што ен з’яўляецца часовы невыязным з Беларусі і паставіць яму адпаведную пячатку ў пашпарце.

Фінькевіча правялі ў кабінет мытнага пункту, дзе адзін з кіраўнікоў пераходу паведаміў яму, што з 25 красавіка 2008 году ен з’яўляецца невыязным, і паставіў яму пячатку у пашпарце аб тым, што ен часова пазбаўлены права пакідаць Беларусь.

Артур Фінькевіч наступным чынам пракаментаваў дадзеную сітуацыю: “Я лічу, што дадзеная акцыя была сплянаваная беларускімі спэцслужбамі, якія, праслухоўваючы нашыя перамовы, ведалі пра заплянаванае падпісаньне пагадненьня і пра шэраг іншых важных сустрэчаў у Вільні. Такім чынам, яны зьбіраліся сарваць падпісаньне пагадненьня і заплянаваныя сустрэчы. Я вельмі ўдзячны таму супрацоўніку мытні, які прыняў рашэньне мяне прапусьціць у Літву, і ўпэўнены, што з кожным днем нашых людзей ва ўсіх структурах становіцца ўсе больш!”

Прэсавая служба Маладога Фронту

Відповіді

  • 2008.05.14 | Анатолій

    Re: Пагадненьне паміж Маладым Фронтам і МХД Літвы

    Тернопільська Молодіжка НСНУ підтримує!


Copyleft (C) maidan.org.ua - 2000-2024. Цей сайт підтримує Громадська організація Інформаційний центр "Майдан Моніторинг".